Яшчэ раз пра "нацыянальны дыскурс" і “гаўно на вентылятар”

Аляксей Братачкін адказаў, і чамусьці менавіта гэта ідыёма падалася яму абразьлівай, таму адразу тлумачу:
Аляксей, выраз “накінуць гаўно на вентылятар” у блогасфэры ня мае аніякага дачыненьня ні да гаўна, ні да вентылятара, ні да канкрэтных асобаў.
Яго значэнне: распачаць, доўгую страсную і збольшага безсэнсоўную дыскусію, за якую ўсім удзельнікам назаўтра будзе крыху сорамна.
Што ў прынцыпе і адбылося.

Пытанне другое: якія высновы зробяць з гэтага сутыкнення розныя бакі, і ці ўдасца ім заняць крытычную і рэфлексіўную пазіцыю перш за ўсё ў дачыненні да саміх сябе, а не проста сцвердзіць, што суразмоўца дурак, ці іх не так зразумелі.

Тое, што я паспрабаваў зрабіць – дэканструкцыя вашай прамовы, ускрыванне таго пласта падтэкстаў і канатацыяў, пра які Вы можа нават і не думалі -- зусім не асабістае.
І зусім не спроба Вас пакрыўдзіць альбо абразіць.

Яшчэ раз, асноўная думка, ужо тэарэтычна, а не кантэкстуальна:
І ў сваіх прамовах і ў сваіх тэкстах вы – сьвядома ці міжволі – канструюеце “нацыянальнае”, “вынаходзіце” яго для сябе як “натывісцкае”, “кансерватыўнае” і “пераадоленае”.
У той час як у сучасным рэальным і сапраўды “постнацыянальным” сьвеце, “нацыянальны дыскурс”, губляючы сваю наіўнасць, прывязку да тэрыторыі, этнічнасці і “гамагеннасьці”, накладаючыся на постмадэрнасьць і посткаланіяльнасць, становіцца галоўным партызанам і рэвалюцыянерам у межах глябальнага дызайна, як сказаў бы Вальтэр Міньола.
Мы гэта бачылі, і ў васьмідзесятыя і ў дзевяностыя.

Мая асноўная прэтэнзія да Вас не ў тым, што Вы занадта радыкальныя ў сваім аналізе нацыянальнага.
А наадварот, у тым што Вы недастаткова радыкальныя, у тым што вы гаворыце штампамі і банальнасьцямі, што у сваім “пераадоленні” нацабмежаванняў вы проста змагаецеся з ветракамі.

Удачы 

Аляксей Братачкін, постнацыянальны сьвет і “тайная свобода”.

Абяцаў жа Акудовічу, -- не кідацца на людзей, не крыўдзіць -- але не ўтрымаўся.
Паслухаў Аляксея Братачкіна пра нацыябудаўніцтва ў Беларусі. http://www.youtube.com/embed/uGi_OmYfk2s?list=PL8SMRHtQvDp25CrP10_Dbyx1V8vG8zxkKАмаль прайшоў міма. Ці мала хто пра што выказвае меркаванні. Але потым зразумеў, што зачапіла, вярнуўся і адказаў, дастаткова груба.
Чаму, за што? – пытаецца Вольга Шпарага.
Тлумачу.

Прамова Аляксея Братачкіна досыць кароткая, але вельмі насычаная. У ёй дадзены асноўныя думкі і параметры, як янынас – бачаць і канцэптуалізуюць.
Яны – інтэлігентныя русскоязычные.
Нас – нацыянальны праект.

Па пунктах:

1. Пасля таго, як Савецкі Саюз “пал”, з’явіліся людзі, якія распачалі “нацыянальные праекты”, г.зн. пачалі шукаць “праўдзівых беларусаў”.
Падтэксты і канатацыі: наіўнасьць, дурота, клаўстрафобія, неадэкватнасьць, амаль расізм – менавіта гэта звычайна паўстае ў свядомасці інтэлектуала, калі ён чуе, што хтосьці пачынае “шукаць праўдзівых рускіх, немцаў, латышоў і г.д.)

2. Далей: пасаж пра габрэяў: нічога ў адкрытую, але падтэкст ясны: калі яны неадэкватныя клаўстрафобы і натывісты, дык хутчэй за ўсё і антысеміты.

3. Далей: два прыклада: беларускі пісатель Бахарэвіч які экзаменуе Купалу на савецкасць і спробы прысваення Шагала (хі-хі).
Падтэкст: гэты іх праект не проста неадэкватны, але яшчэ і адсталы, крыпта-савецкі, і Шагала мы яму не аддамо.

4. Мілы канец: Хутка прыйдзе пост-нацыянальны сьвет, у якіх ні іх саміх, ні наступстваў іх праектаў, дзякаваць Богу, не будзе.
Што, калі перакласьці на мову Віленскага Ужупіса гучыць як простае пажаданне: каб вы са сваім нацпраектам здохлі і як мага хутчэй.

Вось такая экспертыза. Міла, інтэлігентна, ветліва. Без абразаў. Чалавек выказаў сваё меркаванне, на якое ён безумоўна мае права.

Праблема адна: гэта ўсё і пра мяне таксама. Бо гэта я “нацыянальны праект”. Гэта я, як аказваецца, клаўстрафоб, натывіст, шукальнік праўдзівых беларусаў, антысеміт і савок.
І я што-то не пазнаю сябе ў гэтым люстэрку (усмешка).
І здыхаць таксама не збіраюся, дзеля іх постнацыянальнага света.

І што рабіць з усім гэтым неадэкватам?

(прывітанне Дзіме Строцаву, ты пісаў, што табе не хапае салідарнасьці беларускамоўных, -- з кім і з чым салідарызавацца?)

У пэўны момант я нават быў захоплены гэтым тонкім і культурным, і ўсё ж такім наіўным адстройваннем ворага.
Гэта калі б інтэлігентнага нацыста папрасілі выказаць меркаванне пра нацыёбудаўніцтва ў Ізраіле. Ясна што цяпер наўпрост ругаць іх нельга, але так не хочацца, каб у іх – там -- атрымалася.
Гэта асноўная эмоцыя, якую я адчуў у Аляксея.
Яму так не хочацца, каб у нас – атрымалася.

Але – атрымаецца. Ужо атрымалася.
Апошнія дваццаць год “нацыябудаўніцтва” былі фантастычна прыгожымі і інтэлектуальна насычанымі. Я не буду пералічваць.
Праблема толькі што ўсё гэта прайшло міма некаторых нашых калегаў, у якіх ўсяго гэтага не было.
А што было?
Была “тайная свобода” з пелевінскай прытчы.
Памятаеце -- пра тых, хто схаваліся ў схроне.
Наверсе шуміць вайна, там небяспечна.
А ўнізе – ціха, цяпло, постнацыянальны сьвет.

Шчасьлівых сноў, Аляксей.

cafe акварыюм

***

Барадулін – сумны і пяшчотны штукар, фокусьнік, якога выбралі на прарока.
Словы слухаюцца яго, ён шмат чаго ўмее, але ж гэта ня цуды
Цаніць, і разумець, і нават любіць яго пачынаеш менавіта тады, у момант расчараваньня, калі ягоны залаты яблык не ўздымаецца ў нябёсы, а падае на зямлю, сочны, поўны, крыху перасьпелы, ў меру закрануты цьвільлю эпохі…

Балахонаў, разам з намі :)

Прэзентацыя Балахонава ўжо ў гэтую суботу


У імпрэзе, акрамя аўтара, будуць удзельнічаць:

бард Андрэй Мельнікаў

літаратуразнавец Аксана Бязлепкіна

пісьменніца Анка Упала

рэдактар кнігі Аўген Касцюшка

вядоўца – Ігар Бабкоў

а ў дадатак Сяргей Балахонаў выканае колькі песняў а капэла.

19 студзеня (субота). Кнігарня логвінаЎ (Незалежнасці 37а), Пачатак а 19. Уваход – вольны.

(no subject)

***

Для мяне важна: канцэптуальная эмоцыя, традыцыя і спірытуалізм, водар прамінулага, тонкі і нечаканы досьвед, паэтычнае як такое.

“На самоце граць старую мелодыю”, як казалі ў старым Кітаі.

Заўтра ў Магілёве :)

Публічныя лекцыі “URBI ET ORBI” у МАГІЛЕВЕ
ІГАР БАБКОЎ
Беларуская традыцыя
27 кастрычніка

Магілёўскі “Тэхнапарк” (вул. Ленінская, 63), заля 807, 16.00



Пэўны населены пункт ідэнтыфікуецца як горад па наяўнасці ў ім культурнага жыцця, якое задае адметнасць гарадскога вобразу. Гэтае культурнае жыцце вызначаецца не канцэртамі заезджых зорак попэстрады, а, перад усім, тымі месцамі, дзе гарадская супольнасць — мысляры, навукоўцы, культурныя, грамадскія дзеячы, гарадская інтэлігенцыя, тэарэтыкі і практыкі-разважае над важнымі і актуальнымі пытаннямі развіцця гораду і краіны.

“Urbi et Orbi” – форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Менавіта так назвалі цыкл публічных лекцый стваральнікі Лятучага ўніверсітэту, разлічваючы на тое, што гэтыя лекцыі стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу – месцам, якое будзе задаваць развіццё.

За мінулы год у Мінску адбылося паўтара дзясятка лекцый, слухачы якіх мелі ўдачу паслухаць культуролага Сяргея Харэўскага, філосафа Ігара Бабкова, багаслова Ірыну Дубянецкую, гісторыка Захара Шыбеку, метадолага Уладзіміра Мацкевіча, культуролага Юлію Чарняўскую, рэжысёра Андрэя Кудзіненку, дызайнера Міхала Анемпадыстава, гісторыка Генадзя Сагановіча ды многіх іншых. Відэазапісы ўсіх лекцый і спасылкі на інтэрв’ю з кожным лектарам змешчаныя на сайце ўніверсітэту: http://fly-uni.org

У новым сезоне 2012-2013 г.г. параллельна з лекцыямі ў Мінску такі курс публічных зваротаў “Гораду і Свету” распачынаецца ў Магілёве. 27 кастрычніка сезон адкрые філосаф, паэт і празаік Ігар Бабкоў - асоба, якая сваім роздумам стварае адметны пункт гледжання, зыходзячы з якога можна знаходзіць новыя сэнсы, паглыбляць і развіваць разуменне і ўспрыманне феноменаў культуры.

“За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь стала важнай і нават моднай інтэлектуальнай праблемай. Беларускі аўтарытарызм і беларуская ідэнтычнасць, беларуская ідэя і беларускі дыскурс, тутэйшасць і новае беларускае кіно, беларускі постмадэрн і трэш-літаратура: усё гэта заняло сваё мейсца на сцэне публічнай увагі, канчаткова пакінуўшы ў мінулым (і для мінулага) панылыя галашэнні і скаргі на адсутнасць. І цяпер мы гатовыя зрабіць наступны крок: распачаць гаворку пра беларускую традыцыю, “ – кажа ў прадмове да лекцыі Ігар Бабкоў.

Вершы Францішка

***

Як быццам падыйшлі да скраю
І там адкрылася мора
І цяпер можна плакаць, сьмяяцца
Можна ісьці як ветразь

Зьбіраць па беразе камні:
Ракаўкі і каралі
Быць як птушкі, як неба
І не баяцца сьмерці

Янка Юхнавец. Паэзія.

Янка Юхнавец. Паэзія. Прадмова і укладанне Лявона Юрэвіча.
Выдавецтва Лімарыюс, 2012

Ёсьць кнігі якія чакаеш дзесяцігоддзямі. Са складанымі пачуццямі страху і надзеі.
Надзеі, бо гэта твае аўтары, і твая кніга.
Страху, бо калі раптам міма, другога стрэлу не прадугледжана.
Прынамсі ў бліжэйшы час.
Першае выданне Юхнаўца на радзіме здзейсніў Алесь Бяляцкі ў 1988 (?) годзе. Тады яго пускалі ў спецхраны і ён вяртаўся на сустрэчы тутэйшых з падарункамі. Аднойчы перапала й мне: ён прынёс на сустрэчу 5-6 перадрукаваных на друкарцы аркушаў “такога ж як і ты цёмнага” і перадаў мне з радасна-хітраватай ўсьмешкай. Я паўтараў тады гэтыя вершы як сутры (альбо як суры?) і не мог паверыць, што ў беларускай паваеннай паэзіі такое магчыма.
Але калі праз 6 год Мастацкая літаратура выдала кнігу (1994), штосьці не адгукнулася. Хаця Бяляцкі быў укладальнікам і аўтарам прадмовы. Магчыма Мастацкая проста тады была ня тым мейсцам. Альбо Алесь ўжо тады канчаткова пакінуў метафізіку. Не, Юхнавец быў цудоўны. Сам па сабе. У сабе. Але не было кнігі.
Міма.
Цяпер жа ўсё паказвае на тое, што патрапіла.
Ёсьць менавіта кніга.
З цудоўнай прадмовай Юрэвіча, да якога любоў і павага.
І рышпект Фядуце, які рызыкнуў сваімі грашыма для такога выдання.

ЗЫ. 2 маленечкія лыжычкі дзёгця:
На прэзентацыі вядома вечныя прэзентатары ўсяго: Валярына і Бураўкін, самі па сабе мілыя, але ж бясконца далёкія…
130 тысяч (у акадэмкнізе), гэта калі адказваеш “дзякуй, пачытаю ў бібліятэцы…

Алег Мінкін

... Паэзія Алега Мінкіна напоўніцу ад-былася, калі Каралеўства Беларусь у выніку пэўнага энэргетычнага перанасычэння прасторы раптоўна матэрыялізавалася з сваёй маўклівай посткаляніяльнай рэальнасці руінаў у а-рэальнасць тэкстаў.

Мінкін прадаставіў гэтаму Каралеўству некалькі мэтафар, якія апынуліся істотнымі: «старая хата» хіба самая сярод іх заўважная. Беларускі праект вызвалення, з ягонай энэргетыкай сацыяльнага і культурнага аптымізму, атрымаў, у выніку дапасавання гэтай мэтафары, мэтафізічнае «кароткае замыканне». Куды б мы не выпраўляліся ў пошуках свабоды, нам наканавана заўсёды прачынацца ў «старой хаце» (Багушэвіча?), якая можа быць убачаная як «стары катух», а можа (у выніку пэўнага містычнага прасвятлення) як Каралеўства.

Сам Мінкін стаўся часткай Каралеўства на пераломе сваёй творчасці. «Нацыянальны», самотны і адносна кароткі пэрыяд распачынаецца (і сканчаецца) першым зборнікам «Сурма», у якім некаторыя пабачылі працяг лініі Багдановіча, а некаторыя – яе паспяховае завяршэнне. Адрэдагаваная савецкай рэдактурай, «Сурма» захавала тым не менш свой магічны код, натуральную магію мовы і свету, і ўжо пазначыла агульнае памкненне вычарпаць гэтую магію ў акце радыкальнае пастаноўкі пад пытанне свету як такога. Гэтае памкненне было выяўленае ў другім зборніку, «Расколіна», які распачынаецца з цверджаньня пра тое, што паэт «ужо іншы» і замацаванае трэцім («Пэнаты»), у якім Мінкіна як такога ўжо няма, -- прынамсі структура зборніка, выбудаванага як старая кітайская «рэч», дазваляе менавіта такое прачытанне.

У «Пэнатах» «свет цэлы», у які так імкнуліся вырвацца героі Купалы, раптам напоўніцу супадае з мовай і абнаружвае сябе трансцэндэнтальнай ілюзіяй, фантомам, на пазбаўленне ад якога і скіраваная паэзія «позняга» Мінкіна.

На дыстанцаванне ад сьвету ў акце паэтычнага прамаўленьня абапіраецца метафізычная паэзыя. Што гэта такое, пакінем без яснага адказу. Сам Мінкін апісвае сваё мейсца ў радках «Я варушу губамі, як быццам завадны / Але зь іх не зьлятае ніводны гук зямны». Альбо: Пустэльня навокал, хоць справа/ І зьлева – паўсюль барацьба./ І ў тлуме ўсіх ісьцін яскрава/ Адно толькі сьвеціць – журба:/ Якія б ня бухалі маршы,/ І што б не ўслаўлялі ўзахлёб,/ Яна ацалее і ляжа/ Пасьмертнаю маскай на лоб.

Верш Мінкіна тым ня менш, пры гэтым заставаўся класічным і ішоў у бок наратывізацыі сэнсу, апавядальнасці. Менавіта ў акце расповяду раптоўна адчуваецца асалода ад прамаўлення, збой рэчаіснасці, а таксама форма/рыфма як момант рытмічнай арганізацыі свету. Менавіта кантэкст расповяду дазваляе Мінкіну ўводзіць у нібыта рэальны лашдшафт разнастайныя транснатуральныя аб’екты (Так, лаўка ў старым парку, якая сталася тэмай аднайменнага верша, дазваляе здзяйсняць апрычонае мэтафізічнае падарожжа і адчуць, хаця б на момант, тоеснасьць сансары і нірваны).

Асобна мы вылучым фантастычную прозу Мінкіна: Праўдзівую гісторыю краіны Хлудаў і некалькі апавяданняў (Карова, Мяне тут ня было, Стары дом), якія ўвайшлі ў ягоны зборнік прозы. Разам з корпусам перакладаў (Лесьмян, Стаф, Норвід, украінскія паэты, Эдгар По) проза Мінкіна ёсьць дасканалым самакаментарам да ягонага паэтычнага кону.

У Архіве Клакоцкага захоўваецца невялікая калекцыя сноў Мінкіна, пад агульнай назвай «Маё жыццё», перададзеная нашым героем Архіву напрыканцы дзевяностых. На жаль, ужо сёння доступ да гэтай калекцыі абмежаваны, а з цягам часу яна мае тэндэнцыю да ўсё большага і большага заімглення.

З эсэ "Алег Мінкін і Каралеўства Беларусь"