July 25th, 2014

(no subject)

Тэатр


Ён не спяшаўся апранаць маску, хвіліну запаволіў
На бакавым калідоры, перад тым, як выйсці на сцэну

П’еса ішла даўно і падыйшла да развязкі
Кароль прымаў дары на вяршыні славы

Каралева сядзела за кроснамі, пляла інтрыгі
Прынцэса, у таварыстве сябровак, чакала прынца

З будкі суфлёра спяваў хор менестрэляў
І ўсе як адзін па сюжэту ўдавалі шчаслівых


***


Яго роля была надзвычайна простай
Увайсці на сцэну, раптоўна, у апрычоны момант

Сказаць праўду: паўсюль здрада, усё падвісла на нітцы
Ворагі зусім блізка, пільнуюць ля самых межаў

Урэшце ён падаў на падлогу, з нажом у сэрцы
І ўсе пляскалі -- у радасным шале -- ад смерці героя


***


Ён мусіў чакаць, пакуль не празвінелі званочкі
Але гэтым разам было не так, як звычайна

У вялікай залі было ціха і цёмна
На крэслах партэру сядзелі хіжыя птушкі

Месяц схаваўся за хмары, сціх вецер
І хтосьці Незнаёмы на небе падмалёўваў зоры


***


Потым ён ішоў па пустой дарозе навонкі
Думаў пра яе сны, пра значэнне слова адсутнасць

Дакранаўся да зорак, слухаў галасы і шэпты
І крыху шкадаваў, што забыў назву тэатра