?

Log in

No account? Create an account
Тэатр


Ён не спяшаўся апранаць маску, хвіліну запаволіў
На бакавым калідоры, перад тым, як выйсці на сцэну

П’еса ішла даўно і падыйшла да развязкі
Кароль прымаў дары на вяршыні славы

Каралева сядзела за кроснамі, пляла інтрыгі
Прынцэса, у таварыстве сябровак, чакала прынца

З будкі суфлёра спяваў хор менестрэляў
І ўсе як адзін па сюжэту ўдавалі шчаслівых


***


Яго роля была надзвычайна простай
Увайсці на сцэну, раптоўна, у апрычоны момант

Сказаць праўду: паўсюль здрада, усё падвісла на нітцы
Ворагі зусім блізка, пільнуюць ля самых межаў

Урэшце ён падаў на падлогу, з нажом у сэрцы
І ўсе пляскалі -- у радасным шале -- ад смерці героя


***


Ён мусіў чакаць, пакуль не празвінелі званочкі
Але гэтым разам было не так, як звычайна

У вялікай залі было ціха і цёмна
На крэслах партэру сядзелі хіжыя птушкі

Месяц схаваўся за хмары, сціх вецер
І хтосьці Незнаёмы на небе падмалёўваў зоры


***


Потым ён ішоў па пустой дарозе навонкі
Думаў пра яе сны, пра значэнне слова адсутнасць

Дакранаўся да зорак, слухаў галасы і шэпты
І крыху шкадаваў, што забыў назву тэатра

Вершы Францішка

***


Жалейка мая, свірысцёлачка
Сястра мая, маё шчасце

Твае гукі чыстыя
Тоны незамутнёныя

У халодным чэрвені
І ў трывожным лістападзе

Са мной: праз сны і аблокі
Са мной: у жыцці, і ў смерці


Грай, не спыняйся

Катакомбы когіта

***

Украінцы да сваёй гісторыі прарываюцца і яе абараняюць – з баямі, ахвярамі, праваламі і ўзвышэннямі. І нават калі прайграюць, калі не ўдаецца гэтым разам, -- застаецца слава. Украіне і яе героям.
Расейцы адчуваюць сваю гісторыю як вязніцу.
Разумныя мараць з яе выбрацца, стагоддзямі распрацоўваюць планы ўцёкаў. У камунізм, Еўропу, святую Русь, Куршавель, -- што каму прымроіцца.
Тыя, хто наверсе, бліжэй да выхаду (ці ўваходу), спрабуюць зацягнуць як мага больш іншых, каб не так крыўдна было.
Рэшта ж даўна заціхла і прызвычаілася, – калі ўжо вязніца, дык хаця б вясёлая, з народамі, цыганамі і водочкой.
Беларусы сваю гісторыю чакаюць. Упарта і ўважліва, так як рыбак чакае сваю рыбіну, седзячы нерухома на беразе часавай плыні.
І ў гэтым, як ні дзіўна, ёсьць глыбокі даоскі сэнс.

Вершы Францішка

***

Час шапоча пеаны
Шэпча шэрыя сутры

Крокі
Крывёю расквеціць

Альбо
Пакіне ў спакоі

У Шоргат
Верыць ня верыць

Крочыць альбо захавацца

Шэрай крывёй захлынуцца
Шэптам сказаць даволі
Цяпер можна прызнацца: 13 студзеня, у кнігарні Логвінаў, у нас з Наталкай супольная аўтограф-сесія.

З нагоды маёй новай кнігі (Ігар Бабкоў. Хвілінка. Тры гісторыі) – няспешнага расповеду пра лёсы наведвальнікаў адной Менскай кавярні, за вокнамі якой “заўсёды была восень”.

І Наталькавай Лесбіянкі (Наталка Харытанюк. Смерць лесбіянкі) – зімовай фантасмагорыі пра “вайну густаў” у полацкіх лабірынтах, у якой усё па-сапраўднаму, і ў той жа час не да канца ясна – ці была сьмерць? – ці была лесбіянка? – і хто зрэшты расказвае ўсю гэтую гісторыю?

На стары новы год, 13 студзеня, 19.00, кнігарня Логвінаў.
Чакаем. 

Істотныя мейсцы

***

Нулявыя слухалі толькі сябе і цяпер, калі ўсе крыху прытаміліся, можна вяртаць істотныя мейсцы: але ўжо не як новае і шматабяцальна нечаканае, а хутчэй як прызабыта знаёмае, прамінулае занадта хутка, штосьці, у чым мы не паспелі разгледзецца і абжыцца.
Даставаць гэтыя мейсцы не з актуальнасьці, а з традыцыі, ці ўжо нават з канона.

Юрась Бушлякоў (1973-2013)

Originally posted by port13 at Юрась Бушлякоў (1973-2013)
Відэа Макса Шчура.
Другая частка майго рамана-павуты, што атрымала назву Паветраны шар, ляжыць у Дзеяслове, і, калі ўсё будзе добра, выйдзе напрыканцы жніўня.
І хаця (у кантэксце Усяго) я называю яе часткай, насамрэч гэта аповесьць, скончаная гісторыя пра аднаго з герояў. Памерам "Клакоцкага".

Нечакана (для самога аўтара) гісторыя гэтая больш (наў)простая і трагічная. Як удар у лоб, альбо лабавое сутыкненьне. З рэальнасьцю, ясна.

Шмат хто пакрывіцца. :)

"Лета, лета на зямлі ўсёй, вясна-прамежак крывёю адцвітнела" (Я. Юхнавец)
Успамін пра васьмідзесятыя: мова


Іх растралялі ўчора
Непадалёку
На самым ускрайку гета

І сказалі
Не хвалюйцеся, усё будзе добра
Без іх лепей

Брудныя, пахнуць гноям
Навошта нам такія:
лісапета, гразюка, маўляў

Мы ўмелі па іншаму
Маўчалі, пра штосьці думалі
Можа і праўда

Але назаўтра
Выйшлі на вуліцы
З жоўтымі зоркамі

На вопратцы
На тварах
І па ўсяму целу

На іх было напісана:
лісапета, маўляў,
кубак гарбаты,

паўсюль сьнег,
ды неўзабаве
прыйдзе вясна

А яшчэ:
слодыч вуснаў тваіх,
каханая, назаўсёды


***

Калі памірае мова
Птушкі не вяртаюцца з выраю
І сны гарчэюць


***

Гэтым разам ён запісаў чырвонай асадкай.
Кітай. Тры вучэнні, якія былі побач, якія перапляліся, сталі адным у трох.
Будызм хоча, каб чалавек стаў духам, выйшаў за межы наяўнага свету, за межы чалавечага як такога. Выйшаў і больш сюды не вяртаўся. Годна і арыстакратычна.
Даосы імкнуцца патрапіць назад, у дачалавечае. У свет, яшчэ не сапсаваны свядомасцю, да птушак, драконаў і чарапахаў. Яны прагнуць несмяротнасці. Дай Бог ім здароўя.
Абедзьве сцежкі маюць на мэце пэўную нязгоду з рэальнасцю, ідэю, што нам трэба выбірацца адсюль як мага хутчэй. Пытанне толькі куды, у які бок бегчы.
І толькі Канфуцы прапануе застацца і напоўніцу зведаць тутэйшую долю. Пражыць сваё жыццё. Самому.
Самае загадкавае вучэнне.
Ён не стварае тэорыю, а расказвае пра досвед. Пра тое, што з ім адбывалася. У пятнаццаць, у трыццаць, у семдзесят год.
Ён называе гэта вучэннем.
Чалавеку трэба вучыцца быць чалавекам.


***

Ён падумаў крыху і дапісаў зялёным колерам:
Хрысціанства – мінімалізм. Яно гаворыць – пашкадуйце нас, дурняў, мы не ў стане самастойна ані вырвацца з формы, ані супасці з ёй напоўніцу. Так, каб прайсці яе наскрозь і выйсці з другога боку. Адзінае што нам застаецца – тут і цяпер – пакорліва любіць нашую ўласную недасканаласць.
І спадзявацца, што там за яе нас прабачаць.

***


Там. Там-тарам.