?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Ян Максімюк, сьведка эпохі

 

 

Як нараджаюцца эпохі? Зь якой такой дзюркі ў часе? І куды яны хаваюцца пасьля таго, як іх час мінае?

Дзевяностыя яшчэ доўга будуць прыгадвацца беларускай літаратуры: такога буйства формы і зьместу не было ў ёй хіба  ад моманту нараджэньня.

Было многа ўсяго, тутэйшага і нетутэйшага, брутальнай графаманіі й вытанчанага эстэцтва, мадэрнага патрыятызму і патрыятычнага постмадэрну, і ўсё гэта буяла, нагрувашчвалася, адкладалася як колцы ў дрэве.

За пакаленьнем тутэйшых адразу прыйшлі бум-бам-літаўцы са сваімі танцамі на барыкадах. А за імі наступнае пакаленьне, ужо з індывідуальнымі стылямі і міталёгіямі. І ўсё гэта неяк адразу зраслося, склалася ў цэльнасьць, у літаратурную традыцыю, якая дастаткова рана пачала ўсьведамляць і сваю навізну і сваю незвычайнасьць.

Не зраслося толькі з крытыкамі. Тыя, хто пачыналі, разьбегліся: у палітыку, у журналістыку,  у розныя акадэмічныя закуткі. Ва ўласную творчасьць.  Схаваліся ад часу, ад ягоных выклікаў і спакусаў.

Цяпер гэта відавочна: у дзевяностыя не хапала крытычнага вока, уцэнтраванага і засяроджанага на эпосе, кангеніяльнага ў сваім вар’яцтве таму, што адбывалася. Быў толькі Акудовіч, але і той вельмі рана сышоў да сябе, у сваё няма, якога, зрэшты, станавілася ўсё больш і больш.

Не было аніякіх сумневаў, што тыя, хто прыйдзе пасьля, змогуць  аднавіць толькі зьнешнюю канву падзеяў,  па статутах і публікацыях, па сухіх тэкстах, за якімі не заўсёды бачна асноўнае: эмоцыі, патас, дух часу і мейсца.

Тут была патрэбная мудрая паўпрысутнасьць, заангажаваная адпрэчанасьць, існаваньне на прадуктыўнай творчай мяжы. Каб быць тут, разам з усімі, і ў той жа час бачыць усё з крытычнай дыстанцыі.

Такія крытыкі, і такія памежжы здараюцца надзвычай рэдка.

І ўсё ж нам тады пашэнціла.

З намі быў Ян Максімюк, сьведка і суўдзельнік.

 

 

***

 

Ён бачыў ня так, як усе, і гэта было абумоўлена мейсцам яго нараджэньня.

 

Беласточчына, з узорна-паказальнай беларускай мяншыняй, тады раптам выбухнула асобамі і падзеямі. Як мінімум тры зь іх сталіся і нашымі легендамі таксама. Сакрат Яновіч. Лявон Тарасэвіч. Ян Максімюк. 

Сакрат і Лявон вывелі тамтэйшае мастацтва з правінцыйнае сялянскае засяроджанасьці на сваім. Вывелі ў польскасьць, якая, прысвоеная, апынулася нечакана прадуктыўным  культурным кантэкстам. У гэтай культурнай польскасьці нарадзілася новае пакаленьне беларусаў, для якіх сама беларускасьць была і формай тутэйшасьці, і ў той жа час чымсьці іншым: праектам, сном, экзістэнцыйным выбарам, парадыгмай вяртаньня.

Пра Максімюка можна было расказаць многа, але пачынаць мусілі заўсёды з галоўнага: Ян Максімюк – перакладчык Уліса. Гэтае перакладчык Уліса гучала гэтаксама па-вар’яцку, як і Борхесава П’ер Менар, аўтар Дон-Кіхота.

Бо ўсе неяк адразу разумелі, што перакласьці Джойсаў тэкст – гэта ня проста падставіць беларускія словы замест ангельскіх. А штосьці значна большае. Каб быць кангеніяльным у перакладзе, трэба было ня столькі перакладаць, колькі разам з Джойсам пражыць гэты тэкст, расшыфраваць яго сваім уласным жыцьцём.

Дазволіць свайму жыцьцю скласьціся такім чынам, каб пераклад здарыўся, адбыўся. Перачытаць сябе і сваю эпоху як камэнтар. Альбо як адзін з камэнтароў.   

Убачыць сваё жыцьцё як ахвяру і як падарожжа.

Усё ня так проста. Пасьля таго, як выйшла першая частка Ўліса, у зацікаўленых назіральнікаў не было сумневаў, што неўзабаве канец гісторыі. Але напрыканцы дзевяностых Максімюк кансэрвуе рэшткі накладу і заяўляе, што яшчэ ня час. Што да пасьпяховага завяршэньня Уліса не гатовая ані сытуацыя, ані ён сам.

І распачынае больш падрабязныя штудыі тутэйшасьці.

 

 

***

 

 

Ягоная ўласная кніга, што патрапляе да беларускага чытача, ёсьць своеасаблівай справаздачай з гэтага другога пэрыяду. Яна напісаная ў рэдкім жанры крытычных успамінаў пра эпоху, гэта значыць, што аўтар распавядае пра сваё асабістае падарожжа па часе і прасторы, але ўсё, з чым ён сустракаецца ў сваім падарожжы, значна большае і істотнае, чым проста асабістае.

Яна адкрываецца Ўлісам, пачынаецца як камэнтар да першых эпізодаў (Насустрач бацьку). І ўжо тут сваё пачынае блытацца з чужым, далёкае з блізкім.

Працягваецца спробай расставіць эстэтычныя і палітычныя каардынаты найноўшай беларускай літаратуры (Словы ў голым полі). І потым, пасьля камэнтароў і інтэрпрэтацый (Арлоў, Глобус, Бабкоў), радыкальная зьмена кантэксту..

Гэтым іншым кантэкстам апынулася Прага, куды лёс закідвае нашага аўтара. Чэскі кантэкст выяўляецца фантастычна цікавым, але перадусім утульным, цёплым і камфортным. Не такім напружана балюча посткаляніяльным, як беларускі, але і не  такім халодна бязьлітасным, як  глябальны англа-саксонскі.

І далей ужо адтуль, з Прагі, прыгадкі пра сваё. Малая фэмінісцкая фантасмагорыя (Марта Піньска), аналіз адной з самых цікавых і скандальных літаратурных містыфікацыяў, што мае беластоцкія карані. Малая сямейная сага (З бліжэйшых пластоў забыцьця). Miscellany свабодаўскага блогу, у якім лінгвістычнае, асабістае і палітычнае утвараюць грымучую сумесь, кактэйль Молатава для халодных нулявых. На гэтым фоне праступаюць твары (успаміны пра Марылю), пачынаюць зьяўляцца цені і прывіды, і … абуджаецца памяць.

Канец кнігі вельмі дзіўны. Аўтар спрабуе прыгадаць эпізоды сваёй даўняй вандроўкі ў сталіцу сьвету – (New York, New York). Узнавіць у памяці адчуваньні свайго першага далёкага падарожжа. І падчас гэтага закрадаецца думка, што гэта яшчэ ня ўсё, што і цяпер ён яшчэ ня дома.

А тое, што выглядае такім цёплым і ўтульна-абжытым – гэта ўсяго толькі Каліпсо.

І яго яшчэ чакае вяртаньне.

 

***

 

Калі ёсьць падарожжа, мусіць быць і Ітака. Мудры і няўрымсьлівы падарожнік, Уліс усё ж такі вяртаецца.

І менавіта вяртаьне Уліса на Ітаку ёсьць зьместам наступных эпізодаў, якія не ўвайшлі ў кнігу.

Тут ёсьць спакуса сказаць: як Адысэй, дапамагаючы ахейцам, памятае пра Ітаку, так і Максімюк, беручы ўдзел у  вялікай беларускай утопіі канца мінулага стагодзьдзя, урэшце вяртаецца да свайго.

На Падляшша. У сваю мову. Дзеля якой ён стварае адмысловае мейсца ў часе і прасторы. У гаворку, зь якой яго міласьцівы бог на свет пусьціў. Тыя, хто зацікавіцца, могуць знайсьці ўсё, што трэба, на сайце svoja.org, але некаторыя заўвагі і камэнтары проста непазьбежныя. Асабліва праз тоны непаразуменьняў і неадэкватных рэакцыяў, якія паўсталі ня толькі на Беласточчыне.

Таму, пра сутнасьць падзеі. Перад намі не палітычны праект стварэньня падляскай нацыі, а індывідуальная культурная ўтопія, абсалютна немагчымая ў нашу эпоху, і менавіта таму фантастычна прыгожая.

Максімюк стварае літаратурную мову з тых словаў, якія прамаўляліся ў ягонай вёсцы і якія ацалелі ў ягонай памяці, у памяці ягоных блізкіх. Перакладае на гэтую мову тэксты ня проста клясычныя, альбо сучасныя, а менавіта апрычоныя. Якія у ёй адгукаюцца. Дзеля таго каб знайсьці і перакласьці менавіта такія тэксты, ён вучыць нарвэскую (!) і перакладае зь яе раманы – на сваю мову (!).

Калі працягваць паралелі з Джойсам, дык гэта, канечне, часы Абуджэньня Фінэгана… Кніга, адзіным да канца адэкватным чытачом якой, напэўна, быў яе аўтар.

І тут мы падыходзім да самага важнага. Тэза абсалютна вар’яцкая, але на ёй я ўсё ж такі настойваю і буду настойваць. Асабліва пры асабістай сустрэчы, дзе б яна ні адбылася. У гатэльчыку Ўроцлава ці менскай кавярні, ва ўтульным праскім доме ці сярод муроў каханай Вільні. У коле старых сяброў. Калі Сяргей Шупа, іншы герой эпохі, дастане ацалелую дзеля такога выпадку бутэльку старой выкшталцонай слівовіцы.

Дык вось. Менавіта стварэньне сваёй мовы ставіць Максімюка нароўні з Джойсам. І можа нават Гамэрам. Гэта той мэтафізічны пункт, які канчаткова завяршае падарожжа. Тая вышыня, зь якой ўжо ўсё бачна.

І цяпер можна спакойна выдаваць другі том Уліса.

ва

Comments

( 3 comments — Leave a comment )
arbogast
May. 2nd, 2011 07:31 pm (UTC)
Так, таленавіты ён чалавек.
lada_aleinik
May. 3rd, 2011 10:14 pm (UTC)
Няшчыры Вы, спадар Ігар. Ладна ўжо, Кісліцыну абмінулі ўвагай, прымусілі жанчыну перажываць. Аднак годна было б згадаць сваіх ідэйных апанентаў. Ну, тых, што палемізавалі з Вамі асабіста і Вашай творчасцю ў прыватнасці... Што ж Вы так аднабока рэфлексуеце?:))
ihar_babkou
May. 4th, 2011 07:16 am (UTC)
Гэта

а) прадмова да кнігі, таму адзіны герой -- Максімюк.:)
б) пра пакаленне тутэйшых і дзевяностыя.

Што тычыцца Кісьліцынай і Корань (гэта вы пра іх?) -- тутэйшыя былі ім нецікавыя. Ганна занялася маладзейшымі, Людміла -- старэйшымі. З розных бакоў яны спрабавалі вывесьці акадэмічнае літаратуразнаўства ў жывое жыццё -- і дзякуй ім за гэта:)

Тыя "нашыя" хто зьбеглі з крытыкі: Бяляцкі, Кавалёў, Дубавец.
Калі б хаця б хтосьці зь іх усьведаміў сваю "адказнасьць" перад пакаленнем, а не толькі перад "сабой", альбо перад "нацыяй"...

Сьведкам пакалення застаўся толькі Максімюк :)

( 3 comments — Leave a comment )

Profile

ihar_babkou
ihar_babkou

Latest Month

July 2014
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Powered by LiveJournal.com